orshafans2 (orshafans2) wrote,
orshafans2
orshafans2

Інтэрвію з Генадзем Галубовічам. Частка 2/2

Першая частка


ШТО ДАЎ АЎЦЫН?

Я чаму так хутка бегаў і гуляў? Зараз людзі нейкія зусім іншыя. Я правяду гульню, адпачну, потым іду на каток на «Лакаматыве», жыў я ў тыя гады на вуліцы Молакава. І пакуль каток не зачыніцца, катаюся. І гэта пасьля праведзенай гульні! А цяпер маладыя футбалісты быццам дзеці малыя, ледзь вытрымліваюць 2 гадзіны, бягуць пасьля трэніроўкі дадому хутчэй. Што датычыцца маіх футбольных уменьняў, то ўсяму навучыўся я сам, гэта ня Аўцын мяне навучыў. Бо калі кожны дзень гуляеш у футбол, нешта да галавы прыйдзе талковае. Але навучыў мяне Рува розным іншым рэчам, неацэнным. Пастаноўка гульні, планіроўка, за якую зону ты адказваеш – гэта ўсё Аўцын, я ў яго гэтыя веды ўзяў.



Уласнаручны подпіс Рувіма Аўцына пад фотаздымкам каманды 1969 года

ТРЭНІРОЎКІ ЛЕВАЙ НАГІ

Адзін час у мяне была слабая левая нага, з правай меў магутны ўдар, а вось левай ніяк і нічога ня мог зрабіць, жартавалі «тазік з кіпнем на нагу ўпаў». І ўвогуле мала хто карыстаўся левай нагой з праваногіх футбалістаў. Я вырашыў выключыць правую нагу і пачаў трэніраваць левую. Біў, біў, біў. Праходзіў практыку, калі сканчваў 5 курс тэхнікуму ў Катоўску (зь 2016 года горад называецца Падольск; Адэская вобласьць, Украіна). І памятаю, трэніраваўся на мясцовым стадыёне, зьбяру мясцовых мужыкоў, розных «алікаў» там, і гуляем. І я б`ю толькі левай. Так і натрэніраваў. Праўда, зараз жылы праявіліся на назе, відаць, натрудзіў яе, на правай дык нічога няма.

ПАЛЯВАНЬНЕ

Цяпер фізічную форму дазваляе падтрымліваць паляваньне, я ўжо даўно ім займаюся. Як пройдзеш за паляваньне 20-30 кіламетраў, вось і фізічныя нагрузкі. Можа мне пашэнціла, што нарадзіўся раней, ці можа радыяцыя на іншых паўплывала, ня ведаю. Аднак цяпер шмат хто з футбалістаў скардзіцца на ногі, многія перанесьлі аперацыі. А мяне, хоць і білі па нагах падчас кар`еры, збольшага абмінулі такія праблемы. У жарт аднойчы Сашка Малафееў кажа: «Генка, мы цябе судзіць будзем». Я кажу: «За што?» — «Ты нас заганяў на футболе». І пачаў гэтых «інвалідаў» пералічваць, у каго зараз якія праблемы са здароўем. А я гавару: «Саша, дык я ж удвая больш за вашае бегаў, і ў футбол, і ў хакей пасьпяваў». Малафееў: «Не, ты нас заганяў. Паглядзі, Шумскі памёр, Гурчанкоў памёр, адзін ты са старых трэнераў застаўся, мы цябе судзіць будзем!» (сьмяецца).

СТАНАЎЛЕНЬНЕ «ТЭМПА»

Гурчанкоў у 1971-м паехаў у Барань і стварыў там баяздольны калектыў, з «Тэмпам» лічыліся на першынстве рэспублікі ўсе каманды без выключэньня. І думаю, жыцьцё ён страціў менавіта праз футбол, бо быў фанатам сваёй справы. Нехта мне нядаўна сказаў, што Гурчанкоў перад сьмерцю стаў паддаваць, але мне неяк слаба ў гэта верыцца — я яго ніколі ў жыцьці нападпітку ня бачыў. А вось на футболе ён цягаў цыгарэту за цыгарэтай, настолькі перажываў за каманду, за матч. Усё нервы. «Тэмп» ён любіў вывозіць ва Ўкраіну на зборы, мы ж размаўлялі з калегамі, былі ў курсе, што ў іх там. Дык тыя казалі, што Гурчанкоў заганяў іх на зборах, па 2, па 3 трэніроўкі на дзень ім ладзіў. Яны ледзь ногі цягалі. А мы жартавалі ў адказ: «колькі ні трэніруйцеся, а прыедзеце дамоў, і «Старт» вас абгуляе ўсё адно» (сьмяецца).


Галубовіч у барацьбе за мяч

АЎЦЫН-СЕЛЕКЦЫЯНЕР

Неяк прыгледзеў я для «Старта» двух хлапцоў таленавітых са Смаленску. І захацеў узяць іх у каманду. Зьвярнуўся да Строева, які тады ачольваў федэрацыю. Атрымаў адмову, маўляў, у Воршы цяжка прапісаць чалавека і не дазволена прыезджых. У выніку хлопцы пабылі каля паўмесяца ў Воршы і паехалі. Здаецца, іх якраз перахапіў Гурчанкоў, таму паехалі яны не ў Смаленск, а ў Барань. А там завод забясьпечыў іх прапіскай. У Воршы на «Легмашы» было з гэтым строга, доўга правяралі, патрэбны-не патрэбны, прапісваць-не прапісваць. Пры Аўцыне быў цікавы адбор у каманду, у нас неяк было шмат людзей з Барысава, цэлая калонія гульцоў з Украіны і нават хлопец з Тамбова. Уяўляеце, наколькі Аўцын быў паглыблены ў трэнерскую дзейнасьць, што старанна адбіраў футбалістаў у каманду?! І нават у далёкіх ад Воршы гарадах знаходзіў гульцоў.


Здымак з ударам Галубовіча аднойчы трапіў у фотаальбом "Орша"

ЦЯПЕР НА СТАДЫЁН НЕ ХАДЖУ

Цяпер мне не падабаецца палітыка фармаваньня каманды. Таму на «Воршу» я не хаджу амаль ніколі. Неяк быў на гульні, ды гляджу — толку няма. Лічу, у наш час узровень каманд быў вышэйшы за цяперашні. І «Спадарожнік», і «Трактар», і БАТЭ, і Бабруйск. Вялікая канкурэнцыя! І мы ў асноўным былі ў сярэдзіне, змагацца ўмелі з кожным. А цяпер у горадзе ўласную школу завалілі, аршанскіх пара чалавек, а каманду «дабіраюць» з дубля «Віцебска» і так далей. Бяздумна. Ды і атмасфера на стадыёне нешта мне не спадабалася, калі мінулы раз быў на матчы. Шмат матаў вельмі, маладому чалавеку цяпер зь дзяўчынай на трыбуны ня прыйдзеш, не пасядзіш так лёгка. У горадзе мне часта робяць заўвагі: «Усю кар`еру адгуляў за «Старт», а цяпер ня хочаш паглядзець на нашых». А я адказваю: «Былі б гэта нашы,! Дык там жа нашых амаль няма, адно прыезджыя!»

ВЯЧАСЛАЎ ВАХРУШАЎ

Затое на хакейным «Лакаматыве» мне спадабалася. Свае хакеісты яшчэ будуць, падрастуць, а вось цяперашнія рабяты гуляюць вельмі ўдала, многа тэхнічных хлапцоў. Гэта зусім ня той узровень, які быў у Вячаслава Вахрушава ў свой час. Я гэтага Славу крытыкаваў раней за тое, што ён надта часта лаецца матам пры падапечных. Ну не павінен трэнер так лаяцца матам! Але спецыяліст ён выдатны, і пляцоўку сваімі рукамі зрабіў, і сьвятло, і рашоткі. Рукі залатыя і трэнер добры. Яму дапамаглі з капронавымі бартамі. Потым Вахрушаў сыйшоў, цяпер, як я чуў, нейкі хлопец займаецца з пацанамі на той пляцоўцы, вынясуць гумовы дыванок і кідаюць шайбу. А за мат на полі раней сапраўды выдалялі, я не жартую! Ругнуўся матам — і ўсё, выдаленьне, суддзі такіх праяў не цярпелі.

ЭКІПІРОЎКА ТАДЫ І ЦЯПЕР

Цяпер і грошай патрабуецца больш самому футбалісту. Раней мы займаліся ў спартовым комплексе на «Легмашы», дырэктарам Базутаў тады быў. Дык я за трэніроўку мог дзьве-тры пары кітайскіх кедаў парваць. Парваў — прыбег і ўзяў новыя. А цяпер абутак столькі каштуе, што як парвеш, дык затраты вялікія.

ПРАЦА НАД САБОЙ

«Легмаш» рэгулярна праводзіў унутранае першынство па футболе. Але мы, гульцы «Старта», за свой цэх гуляць не маглі, бо, фактычна, прафесіяналы. Таму толькі чыстыя рабочыя гулялі. А мы былі вызваленыя, толькі трэніраваліся, гадоў 8 так было. Лёгка нам не было, многія сапраўды прафесійна ставіліся да сваіх абавязкаў. Такая каманда больш наўрад ці будзе ў Воршы. Анатоль Сэндар і Віктар Доўгі заставаліся пасьля трэніроўкі і адпрацоўвалі рыўкі, бегалі па пяску. Потым на полі стартавая хуткасьць узрастае. Унутры каманды была ўзаемапавага, трывалы калектыў часам яшчэ больш важны за тэхніку.

Генадзь Галубовіч на трэніроўцы

КАНФЛІКТ У ЛЕНІНГРАДЗЕ

Добра ўзгадваю матчы на першынство СССР па хакеі зь мячом. Стадыён «Лакаматыў», дзе мы праводзілі паядынкі, супернікі называлі словам «капкан», бо шмат хто губляў у нас пункты. Я толькі адну сустрэчу прапусьціў, у Ленінградзе. Траўмаваў нагу ўжо там, падвярнуў галенастоп. За нас гуляў Дзіма Карнееў, які раней быў у Менску. Ён неяк пакрыўдзіўся на мяне, мы прайгралі ленінградзкаму «Дынама» 3:8 ці 4:8, а Карнееў панабіраў поўны тамбур посуду. Ён западозрыў, што я адмыслова ня выйшаў на гульню і абазваў мяне «бульбашом», а я ня мог зразумець, няўжо мне нельга паверыць, і назваў яго «сьпекулянтам». Затым мы памірыліся.

ЦУДАДЗЕЙНАЯ ЛАЗЬНЯ

Аднойчы мне ікру пабілі, а назаўтра гульня. Віцька Драздоўскі мне кажа: хадзем у лазьню, я цябе вылячу. Аддубасіў мне нагу ў парылцы, я прыйшоў з лазьні дадому, памазаў нечым, убінтаваў, а на ранак падняўся — нага здаровая! Дык я выйшаў на матч, «Старт» перамог 2:0, і я яшчэ гэтыя два галы забіў! З Магілёва каманда майстроў прыязджала да нас у 66-м, я ім пазабіваў, і трэнер іхны запрасіў мяне гуляць да іх. Я параіўся з Валодзем Ваўчковым, а той сказаў, каб я ня думаў кідаць 4-ты курс тэхнікума ў Воршы. І бацька мой, педагог, які выкладаў беларускую мову, гісторыю, геаграфію, расейскую мову, палітэканомію, прыродазнаўства, забараніў кудысьці ехаць. Толькі пасьля заканчэньня тэхнікума! Так я і застаўся ў Воршы жыць і спортам займацца.

РАНЕЙ ПАЗНАВАЛІ ПАЎСЮЛЬ

Раней па Воршы ішоў, дык немагчыма было на двор у сваім раёне выйсьці! Праз кожныя 5-6 метраў віталіся, а цяпер увесь горад прайду, а ні з кім не павітацца. Тым больш месцажыхарства зьмяніў, раней жыў у прывакзальным раёне, а потым пераехаў на Лёнакамбінат. Ды і людзі зьмяніліся, многіх ужо на сьвеце няма.

Генадзь Галубовіч у 2019 годзе

ЯК ВЫГЛЯДАЎ СТАДЫЁН РАНЕЙ

Мы ў асноўным гулялі на Гарадзкім стадыёне. Алея была вялікая, якая вяла да яго, потым невялічкі дамок, разьдзявальня першая, другая, судзейская і печачка-буржуйка. Далей метраў праз 50 была прыбіральня. А трыбуна была адна ў 4 ці 5 шэрагаў з сядзеньнямі. З правага боку, калі на радзільню глядзець, лавачкі. Часам, калі зь ветэранамі Масквы, напрыклад, гулялі, людзі і на дрэвы залазілі, гэта на фотаздымках засталося. Афішы былі ў горадзе, адпаведна, усе жыхары ведалі, калі і дзе футбол.

АЎЦЫН І ПАЕЗДКА Ў ЛІДУ

На матчы мы езьдзілі за дзень да матчу. Выключэньне складалі Віцебск і Магілёў, бо там меней за 100 км, туды ехалі ў дзень гульні. На Аўтапарк давалі заяўку, замаўлялі аўтобус. Распавяду сьмешную гісторыю. Ехалі мы на матч у Ліду за дзень. Пад`ехалі да Менску, а там разьвязка. Кіроўца ўжо сталага ўзросту, побач зь ім на кандуктарскім сядзеньні Аўцын. Каманда па-свойму займаецца, хто гуляе ў нешта, хто чытае. Сэндар, напрыклад, пастаянна з кнігай быў. Кіроўца раз, крутануўся кіламетры тры, прыехаў на тое самае месца, потым зноў. Глядзіць на Аўцына і пытае: «Так куда ехать?» А той жа дарогі ня ведае, не ягоная справа, абы даставілі каманду, і Рува кажа: «На Лиду, ** твою мать!» Увесь аўтобус лёг са сьмеху!

«ГАЛУБУ НА ПОЛЕ!»

Заўзелі за нас моцна. Аднойчы, памятаю, Аўцын чалавекі чатыры прывёз з Бабруйска, навічкоў. Матч быў на «Лакаматыве». А мяне ў запас пасадзіў. І вось сталі прайграваць 0:3, хвілін 15-20 да канца гульні. І стадыён пачаў крычаць «Галубу на поле!» Аўцын паказвае мне: «Перапранайся». А я адмовіўся, ганарысты быў, раз мяне ў стартавым ён ня выпусьціў, дык на замену не пайду. Іншы трэнер пасьля такога мяне б ужо не выпускаў ніколі. Ну, а Рува любіў мяне як гульца, далей давяраў. У Салігорску мне матч запомніўся, метраў за 8 да штрафной атрымаў мяч і палез у гушчар абаронцаў. Там хто па нагах біў, хто што. Я енчыў ад болю і ўсё ж пралез на лінію штрафной, ударыў, і мяч ад штангі заляцеў у сетку. Дык Рува паставіў мяне ўсёй камандзе ва ўзор. Яшчэ неяк паехалі ў Магілёў, «Старт» выйграў 4:0, а я забіў усе чатыры мячы. Потым нехта з магілёўскіх казаў знаёмаму, як прайшла гульня: «Ды нейкі крываносы накруціў усю каманду, паклаў нам чатыры штукі і канец» (сьмяецца).

ФОРМА

Форма ў нас была не асабліва якаснай, усё як ва ўсіх працоўных каманд, звычайныя трусы, звычайныя гетры. Хаця, калі на першынство Саюзу па бэндзі гулялі, то нам, здаецца, на фабрыцы «Дынама» пашылі якасную форму, з воўны, мабыць. У футболе з буцамі былі праблемы. Мы тачылі часам алюмініевыя шыпы, аднак збольшага былі скураныя шыпы, і цвікамі іх падбіваў дзядзя Пеця Жарабцоў на «Лакаматыве». Заяўку рабілі, Аўцын прыносіў яму боты, а той ужо рабіў шыпы. «Легмаш» плаціў яму за працу. Гэта былі цяжкія буцы, ня роўня цяперашнім «тапачкам». Памятаю, калі ў нас пайшла мода на аблегчаныя буцы, Лёня Хрытанаў зь Янчэўскім атрымалі буцы і выдзерлі адтуль усё нутраное, сьцілкі прынялі. Буцы сталі лёгкімі, але згулялі яны адну-дзьве гульні, а потым шыпы палезьлі ў нагу. Балюча гуляць, немагчыма бегаць. Ай, — закрычаў Аўцын, — што ж вы нарабілі, такія грошы заплацілі за тыя буцы, а вы іх папсавалі!

ЛЮБІМЫ НУМАР — 8

Я любіў «васьмёрку». Часам гуляў яшчэ пад «дзясяткай». А вось «дзявятку», якую пастаянна прывязваюць форвардам, не любіў.

Tags: Г.Галубовіч, Л.Барэйша, Лакаматыў (Орша), Легмаш, Орша, Р.Аўцын, Старт Орша, Тэмп (Барань), артыкулы, ветэраны, гісторыя ФКО, наш стадыён, старая Орша, трэнеры, трэніроўкі, форма, футбалісты ФКО, хакей зь мячом
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments