orshafans2 (orshafans2) wrote,
orshafans2
orshafans2

Інтэрвію з Генадзем Галубовічам. Частка 1/2

Амаль немагчыма аднавіць дакладную статыстыку 100% афіцыйных матчаў аршанскага «Старта» за ўвесь час. У гісторыі «Старта» было нямала цудоўных нападнікаў, якія забівалі часта і практычна ўсім. Леанід Барэйша, Аркадзь Сусман, Уладзімер Правалінскі, Мікалай Кітаёў — імёны, цудоўна вядомыя аршанскім заўзятарам. Бадай ніхто, пры ўсім гэтым, не аспрэчыць гіпотэзы, што найлепшым бамбардзірам аршанскай каманды за ўсю гісторыю зьяўляецца «вялікая васьмёрка» — Генадзь Галубовіч. Яму амаль 80, і праект Orshafans рады апублікаваць інтэрвію зь легендай «Старта». Тут будзе размова ня толькі пра футбольны шлях, але і пра хакей зь мячом, зь якім мала знаёмыя цяперашнія маладыя людзі, шмат хто наогул ня бачыў, як у яго гуляюць, а ў ХХ стагоддзі аршанскі «Старт» быў вядучым клубам Беларусі ў гэтым відзе спорту. Атакі Галубовіча былі запамінальнымі паўсюль. Уключаем дыктафон. Распавядайце, Генадзь Дзьмітрыевіч!


Генадзь Галубовіч у пагоні за мячом

Футболам я займаўся зь дзяцінства, потым прыйшоў час засвойваць новую прафесію. І бацька прыйшоў уладкоўваць мяне на завод «Легмаш» токарам. Нешта там не атрымалася, пайшоў рэзьбанарэзчыкам. І хоць мне было тады толькі 17 гадоў, многія на заводзе мяне ведалі. Я трэніраваўся на «Лакаматыве», на якім тады не было травы, а жыў метрах у 200 ад стадыёна. Уся «блатва» мяне ведала. З ранку да вечара, старэйшы брат дастаў мне мяч і канькі, і я так і трэніраваўся цэлымі днямі. Прыбяжыш дадому, памажаш лусту хлеба якім-небудзь тлушчам-сольлю, і зноў на стадыён. Навіцкі тады быў дырэктарам стадыёна, дык яму не падабалася, што я ўвесь час на ім гуляю, міліцыю выклікаў. А я быў спрытны, мяне злавіць было нялёгка. Так на «Лакаматыве» я і праводзіў свае першыя трэніроўкі. Вядомым на той час у Воршы быў брамнік «Лакаматыва» Татарынаў Грыша.


Podobny obraz

ШКОЛА

Усё дзяцінства я правёў у Прывакзальным раёне. Усе школы цяпер папераназывалі, я сам скончыў 39-ю школу, цяпер яна 12-я, на вуліцы Заслонава. А да таго вучыўся ў іншай, якая потым стала школай рабочай моладзі. Вучыўся я там на 2-м паверсе, па лесьвіцы адразу першы мой клас. Нядаўна быў там, зайшоў, а там цяпер ровары прадаюць. Я думаю, ёлкі-маталкі, я ж тут 9-ты клас сканчваў. Дзяўчыне, якая там працуе, цікава было паслухаць. Нават парэнчы ніхто не памяняў!

ЗНАКАМІТАСЬЦІ ФУТБОЛУ 50-Х

У 1957 годзе я скончыў школу, і бацька мне ня даў нават пагуляць, кажа «Ідзі працуй!» І тры гады мы ў ЗШМ гулялі на першынство горада, яшчэ не на рэспубліку. А першынство Воршы тады мела шмат каманд: Чырвоны барацьбіт, Інструментальны, Мясакамбінат, Лакаматыў (футбалісты Татарынаў, Кулік, Берасьнеў, Караткевіч, Васілёнак, Янушка, Вася Цітоў, Валодзя Шаматульскі, Навіцкі, Міша Сурдо, Зьвераў на браме быў, я ім яшчэ мячы падаваў, калі малы быў), Спартак (былі такія Чапцовы, бацька Ўладзімер і ягоны сын-футбаліст). Але самым знакавым супрацьстаяньнем былі матчы «швейкі» са «станкамі», гэта значыць, ЗШМ з «Чырвоным барацьбітом». Стадыён «ламіўся» на нашых матчах, адным зь лідэраў «Барацьбіта» быў Віктар Румо. Крэль яшчэ. Езьдзілі мы і па калгасах гуляць зь мясцовымі камандамі. А затым насталі часы чэмпіянатаў БССР. Ня ведаю, як мы прабілі тое месца і колькі грошай патрабавалася на ўзнос, але сталі мы гуляць ужо на ўзроўні рэспублікі. Тады каманду трэніраваў Рувім Маркавіч Аўцын.

Канец 50-хх ЗШМ з трафеем

Справа налева: Ніхамаў Барыс, Барабаш Юры, Кішык Уладзімер, Валчкоў Уладзімер, Сьліж Алег «Рыжы», Бокуц Аляксандар (з трафеем), Трушко Груня, Апішаў Генадзь, Губянкоў Уладзімер, Галубовіч Генадзь (капітан), заўзятары Маёраў Мікалай і «Цімоха».

ФРАНЦ БЯЗЬЛЮДАЎ

Дырэктарам завода швейных машын быў Франц Мартынавіч Бязьлюдаў, ён абажаў футбол і зьбіраў лепшых футбалістаў Воршы ў заводзкую каманду. На планёрцы ранкам ён гучна казаў усім начальнікам цэхаў: «Сёньня футбол!» І гэта азначала, што ўсе павінны быць на стадыёне. Бязьлюдаў гразіўся нават выгнаць з завода таго, хто ня прыйдзе на матч. А мяне ён палюбіў за гульню.

СЕЗОН У «ЛАКАМАТЫВЕ»

У маладосьці аднойчы так здарылася, што сябра мой, Сашка Бокуц, перайшоў на чыгунку за «Лакаматыў» гуляць. А мяне Бязьлюдаў зь «Легмаша» не адпускае, кажа: «Ідзі працуй». Ну, а мы што, моладзь, больш за ўсіх знаем. Сашка паўгода быў ужо на чыгунцы. Пайшлі да Дунаева, а той кажа: адпрацуй два тыдні, а потым паволе закону можаш сыходзіць. Калі я праз паўмесяца зноў сказаў Францу Мартынавічу, што зьбіраюся сыходзіць і ўжо адзін дзень ня выйшаў на працу, ён патэлефанаваў начальніку аддзела кадраў Цітову і сказаў: «Звольніце Галубовіча за прагул без паважнай прычыны». Я да Навумовіча ў дэпо, маўляў, што мне рабіць? А той кажа, што возьме на наступны дзень, ня важна, на падставе чаго мяне звольняць з «Легмаша». Я здуру кажу на заводзе: «Звальняйце». Так і лёг на самую першую старонку ў маю працоўную кніжку запіс пра звальненьне без паважных прычынаў. Цяпер нават сорамна становіцца, бо я ўсё жыцьцё чэсна адпрацаваў, у мяне па працы адны падзякі, а тут... А тады разам з Бокуцам у складзе «Лакаматыва» мы выйгралі чэмпіянат горада. І тут ужо Сом зноў сыходзіць і неўзабаве кажа: «цябе Бязьлюдаў хоча бачыць». Адзін дзень я пацярпеў, а потым прыходжу зноў на «Легмаш». Бязьлюдаў пытаецца: Будзеш працаваць на заводзе? Я кажу: Буду. — Тады ідзі па заводзе і выберы сабе цэх, у якім хочаш працаваць. А на заводзе ж шмат заўзятараў футболу было, мне кажа адзін зь іх, Беляковіч такі: «Генка, хадзі да мяне ў 6-ты цэх, рыхтовачнікам будзеш. Медзяным малаточкам дэталі раўняць». Я напісаў заяву, Бязьлюдаў глядзіць і кажа: «Дурань! Нашто табе гэты 6-ты цэх? Ідзі прафесію набывай!» А я ж малады яшчэ, якія там думкі? Карацей, папрацаваў я крыху там, а затым перайшоў у 20-ты эксперыментальны ўчастак. Да 5-га разраду інструментальшчыка, мужыкі навучылі ўсяму.

1985 г. Ветэраны спорту завода «Легмаш»
Верхні шэраг (зьлева направа): —, —, Агеенка Анатоль (футбол), Нікіфараў Пётр (велагонкі),
Базутаў Леанід Кузьміч (дырэктар с/к «Легмаш»), Ярмоленка Віктар (футбол і актыў завода),
Ніхамаў Барыс (футбол), Галубовіч Генадзь  (футбол, хакей зь мячом)
Ніжні шэраг (справа налева): —, Іваноў Уладзімер (футбол), — (лыжны спорт), Драздоўскі Віктар (футбол),
Круглоз Ізя (суддзя па футболе), Гайдзецкі Станіслаў (футбол), Барабаш Юры (футбол).

РУВІМ АЎЦЫН — ТРЭНЕР-ФАНАТ

Трэнер Аўцын быў сапраўдным фанатам футболу, ён сам з Магілёва ў Воршу прыехаў. Неяк на год ён зьязджаў у Магілёў да сваёй жонкі, потым зноў вярнуўся да нас. Ён і быў першым трэнерам каманды ў чэмпіянатах БССР. Менавіта дзякуючы яму аршанскі футбол пачаў свой прагрэс. Вельмі любіў гэтую працу трэнерскую, падключыўся потым да рускага хакею, ды і сам гуляў у яго. Калі трэба, то заўсёды дапаможа, хоць я зь ім па маладосьці спрачаўся, чапляліся адно з адным бяз дай-прычыны. У Аўцына па Воршы было трэнерскае супрацьстаяньне зь Міхаілам Нірманам са «Станкабудаўніка» (завод «Чырвоны барацьбіт»), хто прывядзе каманду да чэмпіёнства ў горадзе. Калі год Аўцын адсутнічаў, тады ЗШМ трэніраваў Панцюк. Калі я ўжо завязаў з футболам, Рувім Маркавіч хадзіў за мной і казаў: «Генка, давай будзем займацца, будзеш са мной трэніраваць каманду», а я яму адказваў: «Не, Маркавіч, у «Старт» я не прыду, бо ты мяне потым прымусіш і на поле выходзіць». А ў 1973 годзе, калі я працаваў шафёрам і за каманду ўжо не гуляў, «Старт» ехаў на аўтобусе ў Жодзіна. І Аўцыну раптоўна стала кепска ў салоне, было гэта на Паркавай, яшчэ ў межах горада. Мальцы адвезьлі яго дадому, а самі паехалі на матч, дзе, праўда, прайгралі 0:4. Рувім Маркавіч яшчэ два дні пражыў, у лякарні яму, падаецца, стала лепей, ён сеў на ложак, стаў галіцца электрабрытвай і ўпаў. Так нашага трэнера і ня стала.

1959 г. Полацк, каманда ЗШМ

Верхні шэраг (зьлева направа): Аўцын Рувім (трэнер), Каплун Анатоль, Марочка Міхаіл, Сусман Аркадзь, Шакуля Валерый, Балотнікаў Пётр, Апішаў Генадзь, Жарабцоў Віктар, Давыдзька Васіль, Пракапенка

Ніжні шэраг (зьлева направа): Сас Аляксандар, Кавалеўскі «Гвідон», —,
Скараход Леанід, Жарабцоў Сяргей, Галубовіч Генадзь.

ЛЁС АНАТОЛЯ ШУМСКАГА

Пасьля сьмерці Аўцына каманду ўзначаліў Анатоль Барысавіч Шумскі. Годзік ён пакамандаваў і з дапамогай парторга завода Шылко запрасіў мяне дапамагаць, бо атрымлівалася ня ўсё. Я ўжо засумаваў па футболе, і таму пагадзіўся. Недзе па 1976 год я займаўся трэніроўкамі, Анатоль стаў начальнікам каманды, арганізоўваў паездкі. Шумскі, дарэчы, быў партыйны. Калі мы выязджалі ў ГДР у 1974-м на матчы, колькасьць чалавек у дэлегацыі была абмежаванай. Шумскі паехаў як адказны за «Старт», а я паехаў зь віцяблянамі, асобна. Мы з Толікам былі ў добрых адносінах, пастаянна бралі адзін нумар, гулялі ў шахматы ў вольны ад футболу час. Потым у яго абвастрыліся сухоты, і яго жонка Натальля сказала мне, што Толік вырашыў: гэта ўжо не жыцьцё. Пачаў выпіваць, у мяне грошы прасіў часам. Потым пайшоў і ўтапіўся. Я лічу, што менавіта ўтапіўся, а не патануў. Ён цудоўна плаваў, ня мог ён патануць выпадкова. Потым на беразе бутэльку віна знайшлі. Тыдзень жонка ня ведала, дзе ён і што ён. А потым у міліцыі ёй сказалі: «Дык гэта ваш інтэлігент? Знайшлі цела ў касьцюме, белай кашулі, пры гальштуку». Аказалася, ён. Той міліцыянт якраз яго выцягваў з вады на бераг.

ТРЭНЕР-ФАТОГРАФ ЧАРНЯЎСКІ

Адзін год, калі я быў яшчэ дзейным футбалістам, каманду трэніраваў Генадзь Чарняўскі, і так добра мы выступілі! Прасілі потым яго застацца ў камандзе, але ён спасылаўся на шматлікія справы і прапанову адхіліў. Гэты чалавек назаўсёды застанецца ў гісторыі аршанскага футболу, ён жа і аўтар большасьці здымкаў з футбольных матчаў у тыя часы. Незадоўга да сьмерці ён мне аддаў некалькі ўнікальных фатаграфій, якія проста маглі згубіцца.


ЗАНЯПАД «СТАРТА»-79

У 1979 годзе, калі ўжо Аляксандар Шалатонін прыняў каманду, мяне запрасілі дапамагчы. Я адразу ўгледзеў, што «дело пахнет керосином»: толькі 4 чалавекі з каманды працавалі на «Легмашы», усе іншыя ці вучыліся недзе, ці працавалі ў іншых месцах. Сабралі мы чалавек 12-13 у «Старт», бо не хацелася губляць месца на рэспубліцы. Але парадку не было, ні трэніроўку нармальную правесьці, нічога. Мячоў не было, футбалісты хто дзе. Я нават ня ведаю, чаму тады так атрымалася, дзе грошы падзеліся і арганізацыя. «Старт» тады фактычна разваліўся. Толькі празь некалькі сезонаў каманда зноў стала гуляць на больш-менш прымальным узроўні.

100-ГОДДЗЕ АРШАНСКАГА ФУТБОЛУ НЕ СПАДАБАЛАСЯ

Мне не спадабалася, як правялі 100-годдзе аршанскага футболу. Калі «Ворша» выходіла ў І лігу ў 2014-м, было больш урачыстасьці, нас, ветэранаў, запрасілі ў «Перамогу», уручылі прызы. А сёлета арганізацыя была не на ўзроўні. Далі 10 хвілін згуляць за ветэранаў, і тое хацелася болей пабегаць. Пасьля матчу бачу, што няма ніякага толку, разьвярнуўся і пайшоў дадому. Пра мяне нічога не сказалі на стадыёне, а самае крыўднае, не згадалі Рувіма Маркавіча. Менавіта Аўцына трэба памятаць больш за ўсё. Дзякуючы яму аршанскі футбол выйшаў на ўсебеларускі ўзровень. Хоць я зь ім і спрачаўся па маладосьці, але ён мяне любіў, за гульню, за справядлівасьць. Усё ж я лічу, што ўнёс пэўную лепту ў гісторыю аршанскага футболу, але ніколі ніякага гуку пра тое. Ніхто не гаворыць, ніхто не напіша пра мяне. Жонка кажа: «Ну і чаго ты дамогся? Усё жыцьцё гуляў, забіваў за «Старт», а цябе ніхто не ўспамінае». І сапраўды мне стала крыўдна — людзі, якія яшчэ басанож бегалі, калі я гуляў за каманду, часта гаварылі «о, мой кумір, мой кумір». А што цяпер, дык скажыце хоць слова, прыемна было б. Але больш крыўдна мне за майго трэнера: Аўцын заслужыў, каб пра яго казалі гучна, каб яго памяталі.

МНОГІХ УЖО НЯМА

Шкада, няма зараз многіх ужо з намі. Валодзя Іваноў, Скараходаў Лёня памерлі, Коскін яшчэ маладым памёр, Астапаў Толік, Вася Давыдзька, Слаўка Рублеўскі, Вайніловіч, Лісоўскі, Драздоўскі... Жаўно Віця чалавек няпростага лёсу. Атрымаў траўму сьцягна, адну, другую, відаць, шмат навакаіну яму ўвялі ці што, у выніку сасьлеп. Жывы зараз, на Лёнакамбінаце жыве. Быў час, добры перыяд, маладосьць. Ну а цяпер якія з нас футбалісты? Так, прыйсьці-паказацца, што ты жывы.

2009 г. Ветэраны аршанскага і бараньскага футболу
Верхні шэраг: Шыркевіч Валерый, Леановіч Альберт, Дробышаў Анатоль, Маргалкін Уладзімер, —, Занько Юры, Скараход Леанід, —, Жаўно Віктар, Казлоў Алег, Тараканаў, Шакуля Валерый, Апішаў Генадзь, Галубовіч Генадзь
Ніжні шэраг: Жарабцоў Віктар, Камароўскі Мікалай, Бацюкоў Аляксандар, Сухавараў Уладзімер, Пузікаў Сяргей, Жарабцоў Сяргей, Рублеўскі Вячаслаў, Саўчанкаў Аляксандар, Шалатонін Аляксандар, Шынкевіч Сяргей, Дымкоў Васіль.

УКРАІНЦЫ Ў «СТАРЦЕ»

Украінская дыяспара ў «Старце» была вялікай. Толік «Карандаш», маленькі такі, на левым краі гуляў. Калі ён ужо ўварваўся ў штрафную і біў зь левай, то як цвік забіваў, настолькі шчыльны ўдар меў. Затым вярнуўся ва Ўкраіну, у Данецк. У 1970-1971 яшчэ Міша Дунец гуляў на левым флангу, толькі ў абароне. Ён пасьля кар`еры трэніраваў каманду ў Швецыі, на радзіме цярнопальскую «Ніву», там сама працаваў трэнерам у Хмяльніцкім, Жытоміры, Сімферопалі. Віця Доўгі, наш вядомы паўабаронца, ён таксама з Украіны. І Анатоль Сэндэр таксама, ён з Данецку, якраз застаўся ў Беларусі, у Менску цяпер жыве, піша паэзію, прозу, журналістам працаваў. Усе мальцы класныя былі.

АЛЯКСАНДАР «СОМ» БОКУЦ

У мяне быў таварыш — Аляксандар Бокуц, добры паўабаронца. Мянушка Сом. Але ж і характар! Калі задумаў нешта, значыць, так і будзе. У Віцебску гулялі, памятаю, на вобласьць. Барыс Шарай кажа: «Саша, калі ты скокнеш у гэтую яміну голым, ну маечку можаш пакінуць, я табе даю свае талоны на харчаваньне», а Бокуц яму: «І скокну!» Хто ж ведае, што ў той яміне, можа там жалязякі нейкія? Але Бокуц сказаў і скочыў, хоць яго стараліся ўтрымаць. А потым зьнізу крычыць: «Я яшчэ і па крапіве прайду». А тут ужо нікуды не падзецца — крапіва ўсьцяж у яміне, а выбірацца адтуль трэба. Ці неяк з Магілёвам гулялі, Бердачкін у іх быў у атацы. Аўцын перад матчам дае Бокуцу заданьне: «Саня, да гэтага чалавека прыліпні, сам не гуляй, але й яму ня дай». А Бокуц, акрамя таго, што быў добрым футбалістам, быў яшчэ і нахабным — дзесьці прытрымае за форму, можа плюнуць у твар. Бердачкін зьвяртаецца да суддзі: «Ён не дае мне гуляць». Арбітр махнуў, што нічога пакуль не заўважыў. Тут Бердачкін і псіхануў, хвіліне на 20-й узяў і пайшоў з поля. А Бокуц выбягае за ім на бегавую дарожку і крычыць Аўцыну: «Маркавіч, а мне што рабіць, таксама сыходзіць?» (сьмяецца).


У атацы Генадзь Галубовіч

НАЙМАЦНЕЙШЫ БРАМНІК «СТАРТА»

Самым моцным брамнікам у «Старце», на маю думку, быў Валодзя Губянкоў. Найлепшы за ўсю гісторыю. Ён сам дужаньнем займаўся, у лёгкай вазе. Гімнастычны такі, добра трэніраваны. Па-мойму, зь Менску да нас прыехаў і гадоў пяць гуляў у Воршы. Запомніўся заўзятарам у горадзе, а потым паехаў у Баранавічы. Неяк мы туды прыязджалі, я пытаў, ці жывы Валодзя, мне сказалі, што так, жывы. Цяпер, на жаль, ня ведаю, як ён там, сувязь не наладзілі. А ў час кар`еры мы вельмі сябравалі, ён часта да мяне прыходзіў.

ЯК «ЛЕШМАШ» СТАЎ ПРАЙГРАВАЦЬ «ЧЫРВОНАМУ КАСТРЫЧНІКУ»

На «Легмашы» пастаянна мы не працавалі, кіраўніцтва завода зрабіла нас вызваленымі работнікамі, таму мы круглы год займаліся футболам і рускім хакеем. Трэніраваліся ў залі ўзімку, а як толькі сьнег раставаў ішлі на «Юнацтва», стадыёнчык быў такі на «Лакаматыве», і мы там займаліся. Калі трава пачынала зьяўляцца, ехалі на Дом адпачынку, трэніраваліся там. На адным з фотаздымкаў мы можам бачыць матч «Старта» і «Тэмпа», неяк так атрымалася, што ў Барані стварылі лепшыя ўмовы для футболу, і шэраг нашых гульцоў перайшлі са «Старта» ў «Тэмп». Гурчанкоў ў 1980-м, здаецца, сыйшоў трэніраваць «Тэмп», Іваноў, Мацулеў перайшлі туды. Дарэчы, у гэтым матчы ветэранскім мы моцна пабілі бараньцаў, ды яшчэ на іх стадыёне, забілі нешта пад 8 ці 9 штук.

1986, 10 жніўня. Таварыскі матч ветэранаў Старта і Тэмпа ў Барані

ХАКЕЙ ЗЬ МЯЧОМ

У Воршы разьвівалі хакей зь мячом, так званы рускі хакей. Ён зьявіўся ў нашым горадзе тады, калі я быў малым, яшчэ не гуляў. Добрыя каманды былі ў Воршы, Бабруйску і Баранавічаў. У нас потым яго сталі разьвіваць я і Сом (Бокуц). Пасьля Валера Шакуля — добры цэнтральны абаронца. Гулялі ў «Старце» пераважна аршанцы, узяў я ў каманду можа чалавекі чатыры з Бабруйску, Гардзееў яшчэ з Краснаярску пад`ехаў. Але ён сапсаваў нам трошку гульню. Чым сапсаваў? Яны там у сябе ў Краснаярску каталіся на доўгіх каньках, сам Гардзей добра гуляў у хакей, але на тых каньках хуткасьць большая, трэба і клюшкай добра валодаць. А мы да гэтага гулялі на малых каньках, «канадах». На іх хуткасьць меньшая, і віражы можна закладаць, паклаў мяч і віруеш зь ім па лёдзе. А тады як Гардзей прыехаў, сталі мы гуляць на доўгіх каньках для хуткасьці, і як пачалі ў нас пад`ёмы балець! Цяпер, гляджу, зноў у рускім хакеі вярнуліся да «канадаў», лічу, правільна зрабілі. Міша Нікіфараў гуляў у рускі хакей таксама. Хоць няграматны, затое душэўны чалавек. Шмат хто з футбалістаў імкнуўся ў каманду па хакеі зь мячом. А гуляць мы пачыналі з клюшкамі з наматаным дротам-васьмёркай, так мяч лепей трымаўся. Анатоль Дробышаў на браме стаяў вельмі добра, паказваў цудоўную рэакцыю. А ў футболе, я ўпэўнены, ні Дробышаў, ні хто іншы не маглі параўнацца з Губянковым.

1970 Зборная Віцебскай вобласьці
Верхні шэраг (зьлева направа): 4-ты па парадку Нікіфараў Міхаіл, Галубовіч Генадзь.
Ніжні шэраг (справа налева): Купава Уладзімер, Сусман Аркадзь, апошні — Гардзееў Аляксандар.

ЧЭМПІЁНЫ БЭНДЗІ

На пачатку мы прайгравалі Бабруйску званьне чэмпіёнаў БССР па рускім хакеі, але неяк Генадзь Штэйнбук, іх трэнер, паказаў на мяне пальцам і сказаў: «на наступны год нам вельмі цяжка прыйдзецца. Гэта хлопец нам дасьць пылу». Так і сталася. Мы прыехалі на наступны год, іх разьбілі і сталі чэмпіёнамі. Потым заваёўвалі золата яшчэ не аднойчы. А неяк выйгралі чэмпіянат БССР зь перамогамі ва ўсіх матчах і нават не прапусьцілі ніводнага мяча. У Шарая ногі адмовілі, ледзь ходзіць цяпер. Позін рэпатрыяваўся ў Ізраіль і там памёр, кажуць. У Ізраіль зьехаў і Анатоль Сусман. Запамінальным момантам стала выступленьне ў чэмпіянаце Савецкага Саюзу. Шкада, Аўцын не аддаў нам пасьведчаньні ўдзельнікаў турніру, так бы была памяць.

1986 г. Першынство БССР. Бабруйск. Склад каманды Воршы:
Верхні шэраг (зьлева направа): Лагімахаў Іван, Шалатонін Аляксандар, Шакуля Валерый,
Гардзееў Аляксандар, Паўловіч Валерый, —, —, Нікіфараў Міхаіл
Ніжні шэраг (справа налева): Галубовіч Генадзь (трэнер), —, Кітаёў Уладзімер, Вахрушаў Вячаслаў,
Думанаў Сяргей, —, Саўчанкаў Аляксандар, Лучко Дзьмітры, Буры Аляксандар, Дробышаў Анатоль.

СКАНДАЛ З ПАЕЗДКАЙ НА ЎРАЛ

У часы маёй кар`еры вялікае значэньне мелі спартовыя таварыствы. У Воршы было некалькі, «Зеніт», «Чырвоны сьцяг» і іншыя. І вось у канцы 80-х выйгралі мы ў хакеі зь мячом сваю зону ў першынстве Саюзу па «Чырвоным сьцягу». Дома перамаглі, здаецца, Сызрань, 5:3. І трэба нам было ехаць некуды на Ўрал. А кіраўніком «Чырвонага сьцяга» па Воршы быў Аркадзь Маскалюнец. І ён кажа мне, тады трэнеру: «Возьмем з сабой у паездку медыка». Я не зразумеў, навошта нам гэты чалавек, бо тады мы езьдзілі шторазу бязь медыка. Аказваецца, Маскалюнец захацеў выкрасьліць з паездкі Мішу Нікіфарава, а ўзяць таго медыка. Я адмовіўся. Нікіфараў і гасьцей заўсёды сустракаў на сваёй машыне, і ў гатэлі іх разьмяшчаў, і заўсёды быў з камандай паўсюль. Як я мог яму здрадзіць і пагадзіцца на такое? Тым больш я трэнер і адказваю за каманду. Пасварыліся мы з Маскалюнцам і, хоць уся каманда прайшла медагляд, ад паездкі адмовіліся на знак салідарнасьці са мной і Нікіфаравым многія ключавыя гульцы, у тым ліку Дробышаў, Шалатонін, Гардзееў, Шакуля. Засталося 9 чалавек. Міша тады сказаў: «Пайшлі ў мой рэстаран «Ломаная рессора» — так ён называў свой гараж. Сабраліся, выпілі крыху, закусілі агуркамі — амаль уся хакейная каманда. А тыя, хто ў выніку паехаў туды пад Урал, папрайгравалі ўсім, так і разваліўся хакей зь мячом.

ЗЬНІКНЕНЬНЕ АРШАНСКАГА БЭНДЗІ

Што потым было з гэтым відам у горадзе — страшна ўспамінаць. Паехалі на чэмпіянат сьвету ў Швецыю, базавы клуб зборнай Беларусі быў усё-ткі. Павезьлі Барэйша і Вахрушаў. Дык яны прыляцелі туды бяз формы! Адзін талковы хакеіст з Барані толькі быў, астатнія невядома як і адкуль панабіраныя, ніхто з асноўных не паехаў. У выніку прапусьцілі 134 мячы і 1 мяч забілі, і тое Расея дала ім забіць, будучы чэмпіён сьвету.

ЦЯЖКІ ВОПЫТ ХАКЕЮ З ШАЙБАЙ

У хакей з шайбай, які цяпер называюць проста хакеем, мы гулялі таксама. Пачыналі мы з такога рыштунку, што гэта варта асобна згадаць. Клюшкі былі вельмі цяжкія, фанерныя, дзьвюма рукамі трэба было трымаць, абароны на целе ніякай, ні налакотнікаў, накаленьнікаў, ні шлемаў, шчыткі футбольныя, якія не маглі прадухіліць ад шайбы нармальна. Брамнік Ваня Драгілеў у зімовай шапцы проста, нейкія рукавіцы яму выдалі. Неяк прыехалі ў Менск, а там майстар спорту выйшаў на лёд, ды як кіне, а шайба за браму ды ў борт, усе барты як загулі! У Вані ажно вуха на шапцы паднялася. Мы ўжо кажам майстру: «куды ты кідаеш так? Ты ж глядзі, мы голыя, косьці нам шайбай пераламаеш». Аднойчы падчас матчу ў Магілёве ў мяне адарвалася лязо, і я на адным каньку праехаў да брамы і забіў гол, вось такая кур`ёзная шайба атрымалася! На першынстве Беларускай чыгункі мы гулялі як "Лакаматыў" і занялі 2-е месца.

1961 г. Першынство Беларускай чыгункі па хакеі з шайбай. Стадыён «Лакаматыў»(Магілёў).
Каманда «Лакаматыў» (Ворша) — сярэбраны прызёр
Верхні шэраг (зьлева направа): Галубовіч Генадзь, Мішкарудны Уладзімер, Бакінскі Мікалай, Раман,
Залескі Міхаіл, Абухоўскі Анатоль, Каралёў Леанід, Васілёнак Віктар.
Ніжні шэраг (зьлева направа): Бокуц Аляксандар, Драгілеў Іван (брамнік), Мішкарудны Мікалай, Янушка Анатоль.

Але неяк не прыжыўся хакей з шайбай у Воршы. Згодна з рашэньнем гарвыканкама, сталі будаваць усюды пляцоўкі тэнісныя і для хакею з шайбай. Каробак панаставілі на «Лакаматыве», у цэнтры, на Лёнакамбінаце, на «Легмашы». Адна з прычын, што не прыжыўся: форма дарагая, а грошай асабліва не было. Гуляць жа ў тым, у чым гулялі мы — самагубства. Віцебск і той ледзь асвойтаўся з гэтай шайбай. Памятаю, прыехалі мы туды на таварыскі матч. Ведаем, што сілавыя прыёмы можна рабіць, а як? Быццам гастэлаўцы ў лоб ляцім, прыціскаем іх да бортаў. Прайгралі мы многа тады. Пасьля гульні ідзем і размаўляем з супернікамі. Віцябляне гавораць: «вось гэта каманда, мы разумеем! Хоць ёсьць зь кім на сілавую пагуляць!» А Мішка Нікіфараў тады да іх: «хлопцы, дык давайце заўтра таварыскую згуляем яшчэ!» А яны: «Нееее, не» (сьмяецца).

ТРЭНЕР СУПЕРНІКАЎ НЯ ВЕРЫЎ, ШТО Я АРШАНЕЦ

Аднойчы гулялі на Гарадзкім стадыёне матч па рускім хакеі. Там рэдка, але таксама гулялі. І падыйшоў да Аўцына такі высокі трэнер супернікаў, пытае штосьці. Рувім Маркавіч запрашае мяне падыйсьці, а той трэнер кажа: «Скажыце шчыра, адкуль вы?» Я адказваю: «З Воршы, Беларусь». Ну і трэнер гэты кажа Аўцыну: «Ладна, я прайграў». Яны на каньяк паспрачаліся, бо той ня верыў Аўцыну, што ў ягонай камандзе гуляюць аршанцы, а на мяне ён падумаў, што я прыехаў зь якога Краснаярску. Тут высьветлілася, што я ня толькі беларус, але яшчэ і мясцовы, аршанскі. У трэнера таго быў шок, аказваецца, беларусы таксама ўмеюць добра гуляць у бэндзі! І ў Віцебску аднойчы была гісторыя. Жылі мы ў драўляным гатэльчыку на стадыёне. Падбягае Валерык Шакуля і кажа: «Генка, выйдзі, там да цябе прыйшлі». Думаю, ну хто можа да мяне прыйсьці, у мяне ў Віцебску асабліва й знаёмых няма. А там мужыкі, чалавек 6 ці 7 сабраліся ў альтанцы — гарэлкі, каўбасы, іншай закускі панаставілі. Аказалася, проста аматары хакею зь мячом, хацелі паглядзець на мяне, адкуль я такі атлетычны (сьмяецца). Ну, выпіць я зь імі ня сеў, якое там, заўтра быў матч.

Хакей зь мячом. У атацы Генадзь Галубовіч (зьлева)

Tags: Г.Галубовіч, Л.Барэйша, Лакаматыў (Орша), Легмаш, Орша, Р.Аўцын, Старт Орша, Тэмп (Барань), артыкулы, ветэраны, гісторыя ФКО, наш стадыён, старая Орша, трэнеры, трэніроўкі, форма, футбалісты ФКО, хакей зь мячом
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 1 comment