orshafans2 (orshafans2) wrote,
orshafans2
orshafans2

Аршанскі «Старт» у ГДР у 1974 г. Фота, артыкулы

Выезд грамадзяніна СССР у капіталістычную краіну ці, як казалі ў той час "капстрану", быў вельмі цяжкой справай. І амаль нерэальнай, калі ты не артыст, не спартовец і не дыпламат. Аднак нават ім даводзілася зьбіраць стос дакументаў і чакаць дазволу на выезд. З краінамі тагачаснага сацыялістычнага лагеру было прасьцей. Туды савецкія грамадзяне маглі лягчэй трапіць на адпачынак, спартовыя спаборніцтвы, аднак і ў гэтым выпадку неабходна было зьбіраць дакументы, мець рэкамендацыі, — усё значна долей па часе і высілках, чым зьбіраць на візу грамадзянам незалежнай Рэспублікі Беларусь. У 1974 годзе аршанскі футбольны клуб "Старт" атрымаў магчымасьць выехаць у ГДР на пяць дзён, каб правесьці таварыскія матчы. Гэтаму папярэднічаў матч зь нямецкай камандай у Беларусі.

Для нашых маладых і зусім юных чытачоў патлумачым, бо яны не жылі ў той час і могуць ня ведаць: з 1949 Нямеччына была падзеленая на дзьве часткі. Гэта было наступствамі ІІ Усясьветнай вайны. ФРН (Федэратыўная Рэспубліка Нямеччына, яшчэ ёсьць варыянт абрэвіятуры ФРГ) і ГДР (Германская Дэмакратычная Рэспубліка). ФРН у Савецкім Саюзе называлася "капстраной", а ГДР была краінай сацыялістычнага лагеру, сяброўскай для СССР. У кожнай з гэтых новаўтвораных краін былі ўласны чэмпіянат і ўласная зборная. Заходнія немцы (ФРН) за гэты час тройчы сталі чэмпіёнамі сьвету (1954, 1974 і 1990) і двойчы Эўропы (1972, 1980). Посьпехі зборнай ГДР былі значна больш сьціплымі, яна стала чэмпіёнам Алімпіяды-1976. Нават падзел краіны напалам ня здолеў перашкодзіць немцам дабівацца посьпеху ў футболе — клубы заходніх і ўсходніх немцаў часта добра выступалі ў эўракубках.

Матчы з прадстаўнікамі такой футбольнай нацыі былі вельмі важнымі для кожнай савецкай каманды. І вось, у 1974 годзе на паядынкі зь нямецкімі камандамі выйшаў аршанскі "Старт". Першым супернікам стала моладзевая каманда акругі Франкфурт-на-Одэры. Аснову гэтай каманды складалі прадстаўнікі франкфурцкага клуба "Форвертс". Гэта калектыўнае фота з матчу ў Воршы на стадыёне "Лакаматыў", дзе беларускія і нямецкія футбалісты стаяць побач.





Пра матч зьявілася зацемка ў аршанскай рэгіянальнай газэце "Ленінскі прызыў":




МАТЧ ДРУЖБЫ
Каля пяці тысяч аматараў футбола, сабраўшыхся на мінулым тыдні на стадыёне "Лакаматыў", сталі сведкамі захапляючага спартыўнага паядынку, у якім маладзёжная каманда акругі Франкфурт-на-Одэры Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі сустракалася з нашым "Стартам".
Перад пачаткам сустрэчы ігракі абедзвюх каманд абмяняліся памятнымі сувенірамі. Стартаўцы паднеслі гасцям букет жывых кветак.
І вось раздаецца свісток суддзі, які абвясціў аб пачатку сустрэчы.
Ужо на семнаццатай мінуце гульні правы крайні нападзення "Старта" Л.Скараходаў добра праходзіць па свайму краю. Паследавала дакладная перадача на штрафную пляцоўку гасцей, і А.Шалатонін адкрывае лік. Першы тайм завяршыўся з лікам 1:0 у карысць гаспадароў поля.
У другой палавіне гульні гасцям яшчэ двойчы прыйшлося пачынаць гульню з цэнтра поля пасля завяршаючых удараў А.Ярмошына з дакладных перадач А.Сусмана.
Незадоўга да фінальнага свістка футбалістам з Франкфурта-на-Одэры ўдалося адквітаць адзін мяч. У выніку перамог "Старт" — 3:1.
Цяпер стартаўцы рыхтуюцца да сустрэчы ў адказ, якую правядуць на полі гасцей.
С.Касцюкоў

Ужо неўзабаве аршанцы паехалі ў ГДР і згулялі там два матчы.


Пасля хатняй перамогі хацелася праверыць, якія ў немцаў палі, які інтарэс да футболу і ці змогуць нашы футбалісты перашкодзіць мясцовым узяць у "Старта" рэванш за паразу. Паездку сьцісла і досыць інфарматыўна апісаў на старонках таго ж "ЛП" трэнер "Старта" Анатоль Шумскі:




ВІЗІТ ДРУЖБЫ
На працягу пяці дзён футбольная каманда "Старт" з завода "Легмаш" у саставе дэлегацыі Віцебскай вобласці гасціла ў акрузе Франкфурт-на-Одэры на святкаванні 25-годдзя ўтварэння ГДР.
Наша каманда жыла ў невялікім гарадку Айзенхютэнштаце. Жыхары гэтага горада сустракалі нас кветкамі, усмешкамі, песнямі. Цікавая сустрэча адбылася на металургічным камбінаце.
На наступны дзень была назначана сустрэча з футбольнай камандай гэтага прадпрыемства. Выйгралі з лікам 2:0 гаспадары. Гульня атрымалася вострая, цікавая, захапляючая. Нягледзячы на паражэнне, стартаўцы пакінулі добрае ўражанне ў гледачоў і трэнераў каманды сапернікаў.
Другі матч адбыўся ў горадзе Зеелаў з камандай "Форвертс" г.Франфурта-на-Одэры. Перад гэтым футбалісты абедзвюх каманд прынялі ўдзел у мітынгу і ўскладанні вянкоў на магілы савецкіх воінаў, загінуўшых, вызваляючы нямецкую зямлю ад фашысцкай нечысці. Пасля гэтага на футбольным полі разгарнулася бескампрамісная барацьба за выяўленне мацнейшага. У першым тайме Міхаіл Кажамяка моцным ударам у ніжні вугал варот адкрывае лік. Нямецкія ігракі ўсё часцей атакуюць нашы вароты, але наша абарона дзейнічае бездакорна. Другі тайм пачаўся таксама атакамі ігракоў каманды "Форвертс". Але толькі ў канцы гульні, калі абаронцы "Старта" парушылі правілы на сваёй штрафной пляцоўцы і арбітр назначыў 11-метровы штрафны ўдар, гаспадарам удалося зраўняць лік.

Фота ў Айзэнгютэнштаце. Гульцы "Старта" ў верхнім шэрагу.
зьлева направа ад трэцяга: Кажамяка Міхаіл, Аляксандар Малафееў, Анатоль Дробышаў,
Аркадзь Сусман, =імя не адноўлена=, Анатоль Каплун, Валерый Шакуля, Павел Саўчанка,
Васіль Коскін, Сяргей Цветнікаў, Леанід Скараходаў, Анатоль Шумскі.

Такім чынам, матчы зь нямецкімі камандамі, адзін зь якіх адбыўся ў Воршы, а два на тэрыторыі ГДР у гарадах ля мяжы з Польшчай, прынесьлі "Старту" перамогу, нічыю і паразу. Зэелаў — невялічкі горад з 5,5 тысячамі чалавек насельніцтва. Мае сваю каманду "Вікторыя", заснаваную ў 1920 годзе, але зь ёй мы не гулялі. Стадыён, на якім «Старт» у Зэелаў згуляў з "Форвертсам", цяпер называецца "Sparkassenarena". На ёй 3700 стаячых месцаў і 1300 сядзячых.


Зэелаў у часы ГДР


Зэелаў сёньня






Стадыён у Зэелаў сёньня

А мы паглядзім, як нашы супернікі па тым міні-турнэ выступаюць цяпер. У цэлым, пасьля ўзьяднаньня краіны ў 1990-м, каманды з Усходняй Нямеччыны "праселі" ў агульнанямецкіх спаборніцтвах. Галоўны чыньнік — эканоміка, якая ў заходніх немцаў была на значна больш высокім узроўні. Усе лепшыя гульцы сталі пераязджаць у заходненямецкія клубы. Гэта і прадвызначыла няроўнасьць дзьвюх былых частак. Яна захоўваецца і па сёньня. Нават у сезоне-2019/20, праз 30 гадоў пасьля аднаўленьня адзінства краіны, у 1 Бундэслізе сярод 18 каманд згуляюць толькі 2 клубы з былой ГДР.

"Форвертс" з Франкфурта-на-Одэры (ня блытаць з Франкфуртам-на-Майне, дзе каманда "Айнтрахт") мае драматычную гісторыю. Ён быў заснаваны, таксама як і наш "Старт", у 1951 годзе. Але ня ў Ф-н-О, а ў Ляйпцыгу і як армейская каманда пад назвай "Vorwärts Leipzig". Ужо ў 1953 футбольныя ўлады ГДР вырашылі перавезьці клуб у Бэрлін для "павышэньня ўзроўню бэрлінскага футболу". Аднак прысутнасьць каманды ў сталіцы давалася ў знакі міністру па дзяржаўнай бясьпецы ГДР Эрыху Мільке. Справа ў тым, што "Форвэртс" 6 разоў выйграў чэмпіёнскі тытул і 2 разы кубак. А Мільке перажываў за "Дынама", якое, дарэчы, у 1966-м годзе дзякуючы палітычнаму рашэньню было ўмацавана футбалістамі "Дынама" з Дрэздэну. Акрамя таго, Мільке страшна не падабалася, што абсалютная большасьць бэрлінцаў аддае перавагу "Форвертсу", а не "Дынама". То бок перажывае за армейскі клуб, а не за клуб «Штазі», Міністэрства дзяржбясьпекі ГДР. Мільке ўключыў усе рычагі свайго палітычнага ўплыву, і тады ў 1971-м "Форвертс" перавезьлі ў невялікі Франкфурт-на-Одэры. Так што аршанскаму "Старту" ў супернікі дасталася каманда зь вялікай гісторыяй, праўда, бэрлінскага пэрыяду. Зрэшты, ужо прадстаўляючы Франкфурт-на-Одэры, "Форвертс" некалькі разоў выступаў у эўракубках, у тым ліку супраць "Ювэнтуса", ПСВ, "Вэрдэра", "Штутґарта". Але толькі аднойчы за 5 удзелаў "Форвертсу" ўдалося прайсьці хаця б адзін этап.


Эмблема "Форвертса"

У 1991 годзе, каб нават назва не асацыявалася з армейскім мінулым, клуб пераназвалі. Цяпер каманда называецца "Франкфурт", але на эмблеме зьмяшчаецца яшчэ адна назва — "Вікторыя 91". Выступае на "Стадыёне сяброўства" ("Stadion der Freundschaft"), які зьмяшчае 12 000 гледачоў. Лепшыя гады клуба засталіся далёка ззаду. У 1993 не ўдалося кваліфікавацца ў 2-ю Бундэслігу. Адтуль і пачалося няўхільнае падзеньне "Вікторыі 91". Сёлета, праўда, каманда выйшла ў Обэрлігу Нордост, што зьяўляецца 5-м узроўнем футболу ў Нямеччыне.


Эмблема "Франкфурта" ("Вікторыі 91", у якую быў пераназваны былы "Форвертс")

Сам горад Франкфурт-на-Одэры вымірае вялікімі тэмпамі. Яшчэ ў 1988-м годзе насельніцтва складала 88 тысяч чалавек. Цяпер толькі 58 тысяч. Магчыма, слова «вымірае» занадта гучнае, больш трапна тут сказаць, што тысячы людзей пакінулі горад у пошуках годных заробкаў і наогул у пошуках працы. Сітуацыя тыповая для сярэдніх і малых гарадоў экс-ГДР. Напрыклад, насельніцтва Аўэ, невялікага гарадка, адкуль моцная каманда «Вісмут» (цяпер яна называецца «Эрцґебірґе») пасьля краху ГДР зьменшылася зь 58 да 17 тысяч. Прычынай сталі зачыненыя шахты, у большасьці зь якіх вычарпаліся запасы, а іншыя сталіся эканамічна нявыгаднымі. У выніку Аўэ мае ўнікальную славу ў Нямеччыне, праўда, невядома, ці рады горад гэтаму. Справа ў тым, што журналісты падлічылі: колькасьць выхадцаў з гарадка па ўсёй Нямеччыне цяпер перавышае насельніцтва самога Аўэ.

Ці ўзяць горад нашых тагачасных супернікаў — Айзэнгютэнштат. У ім спачатку пражывалі 53 тысячы. Насельніцтва пачало імкліва скарачацца яшчэ ў часы ГДР! Ужо ў 1974-м, падчас прыезду "Старта", тут было меней за 32 тысячы жыхароў. А цяпер і наогул 27 тысяч.


Айзэнгютэнштат у часы ГДР


Айзэнгютэнштат сёньня

Што тычыцца футбольнай каманды з Айзэнгютэнштата, то яна была заснаваная ў 1950 годзе як "Шталь Фюрстэнбэрг Ост". У 1961 годзе ў мясцовасьці прайшло ўзбуйненьне дзякуючы металургічнай вытворчасці, з трох розных гарадоў утварыўся горад Айзэнгютэнштат. "Stahl" (Eisenhüttenstadt) толькі два сезоны правяла ў найвышэйшым дывізіёне ГДР — Обэрлізе. І тут зноў не абыйшлося без палітычных рашэньняў. За тры гады да візіту аршанцаў са "Штальлю" быў зьвязаны буйны скандал. Справа ў тым, што афіцыйна ўсе футбалісты сацыялістычных краін, не выключэньне й ГДР, лічыліся аматарамі. Але ў сезоне 1970/71 дырэкцыя Обэрлігі ўсталявала, што футбалістам "Шталі" за матчы плацілі заробак. Каманда была апушчана з эліты адразу на 3-ці ўзровень, у Акружную лігу Франкфурт з фармулёўкай "за грэбаваньне прынцыпамі сацыялістычнага грамадзтва".

Эмблема "Шталі"

У 1990 годзе, у апошнім Кубку ГДР, "Шталь" прабілася ў фінал, дзе прайграла толькі чэмпіёнам краіны — "Ганзе" з горада Ростак. Паколькі супернікі ішлі ў Кубак чэмпіёнаў (цяпер Ліга чэмпіёнаў), "Шталь" адправілася ў Кубак уладальнікаў кубкаў. Ужо ў першым раўндзе клуб з Айзэнгютэнштата напаткала няўдача, "Шталь" саступіла дарогу турэцкаму "Галатасараю".

Цяпер каманда выступае на стадыёне "Sportanlagen Waldstraße", які месьціць 10 тысяч гледачоў. Дарэчы, у горадзе бываюць нават дэрбі, бо ў Айзэнгютэнштаце ёсьць таксама каманда «Дынама». Вось некалькі фотаздымкаў арэны.







У сезоне 2018/19 "Шталь" заняла апошняе, 16-е месца ў Брандэнбургскай лізе і ўпала ў Краёвую лігу (Landesliga), у 7-мы дывізіён нямецкага футболу. Асноўным дасягненьнем "Шталі" зьяўляецца двойчы выйграны 2-гі дывізіён ГДР і 3 кубкі Брандэнбурга.

Tags: Нямеччына, Старт Орша, гісторыя ФКО, стадыёны, футбалісты ФКО
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments